Музеi iмя Янкi Купалы

Імя Янкі Купалы вымаўляецца з глыбокай павагай кожным культурным чалавекам не толькі Беларусі, але і далёка за яе межамі. Адно з выяўленняў любові да паэта – пабудаваны ў цэнтры нашай сталіцы Дзяржаўны Літаратурны музей Янкі Купалы. Гісторыя музея налічвае больш за паўстагоддзя. 20 верасня 1945 года гасцінна расчыніліся яго дзверы. Заснавальніцай і першым дырэктарам музея была Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Спачатку залы музея знаходзіліся ў Доме прафсаюзаў, потым – у Доме пісьменнікаў. З 1959 года Літаратурны музей Янкі Купалы размешчаны па вул. Я.Купалы, 4, у прыгожым двухпавярховым будынку.

Цяпер стаіць тут

светлы дом,

Музей славутага паэта.

Народнай ласкай і цяплом

К яму сцяжынкі ўсе сагрэты.

Усё сабрана ў доме тым,

Што дарагім было Купалу,

Што сэрцам дорага людскім,

Што скарбам

для народа стала.

А. Астрэйка

Музей мае восем экспазіцыйных залаў. Рукапісы Янкі Купалы і выданні яго твораў розных гадоў, асабістыя рэчы паэта,шматлікія фотаздымкі,творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва распавядаюць пра жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі.

Музей мае чатыры філіялы – “Вязынка”, “Ляўкі”, “Акопы”, “Яхімоўшчына”.

museum_vyazinka

Вязынка

На радзіме паэта, ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна з 20 чэрвеня 1948 года працуе першы філіял музея. А ў  1972 годзе вёска атрымала статус Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка.

У самым цэнтры запаведніка наведвальнікаў сустракае бронзавы бюст Янкі Купалы, аўтар – скульптар Заір Азгур. Здаецца, што Купала задуменна аглядае родныя абшары. Адсюль адкрываецца прыгожы від на сядзібу і хату, дзе нарадзіўся паэт.

Кожны год на пачатку ліпеня на рэспубліканскае Свята паэзіі ў Вязынцы збіраюцца прыхільнікі творчасці Купалы, прыязджаюць замежныя госці, тут адбываюцца кніжныя кірмашы, народныя гулянні, канцэрты.

Другі філіял Дзяржаўнага  Літаратурнага музея Я. Купалы  Ляўкі знаходзіцца у 2-х км ад г.п. Копысь. Янка Купала быў у захапленні ад ляўкоўскіх даляглядаў, дняпроўскіх кручаў.У 1982 годзе адноўлена Купалава дача ў Ляўках і створана  мемарыяльная экспазіцыя, якая распавядае пра самы складаны і супярэчлівы перыяд ў жыцці першага народнага паэта Беларусі. Яна і сёння не пакідае абыякавымі наведвальнікаў музея.

Ляўкі

У сувязі з 30-годдзем творчай дзейнасці паэта Ўрад БССР узнагародзіў Янку Купалу легкавым аўтамабілем “Шэўрале”, які і цяпер стаіць у гаражы ў Ляўках.

Напярэдадні 100-годдзя паэта ў 1982 годзе ў запаведніку паўстала з бронзы кампазіцыя скульптара, нараднага мастака БССР Анатоля Анікейчыка “Восень паэта”, якая вельмі пераканаўча перадае псіхалагічны стан Янкі Купалы і яго перажыванні напачатку  ваеннага ліхалецця.

Яшчэ адзін філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы” складаецца з дзвюх частак – мемарыяльнай (на месцы колішняга фальварка Акопы) і   літаратурна-дакументальнай (у вёсцы Харужанцы). Асабліва ўражвае наведвальнікаў зала з сімвалічнай назвай “Раскіданае гняздо” і экспазіцыя залы “Тэатр Купалы”, дзе падрабязна расказана пра пастаноўкі Купалавых твораў у тэатрах краіны і за яе межамі.

haruzhanci

Акопы

Непадалёк ад музейнага будынка гасцей сустракае кампазіцыя “Малады Купала (скульптары А. Заспіцкі і Г. Мурамцаў). Побач з сядзібай ляжыць валун, на якім пясняр любіў адпачываць, пісаў вершы і паэмы.
За невялікім гаем, на паляне, размешчаны летні амфітэатр, дзе традыцыйна праходзяць святы паэзіі, прысвечаныя памяці вялікага паэта. У 2000 годзе на Лагойшчыне створаны ландшафтны заказнік “Купалаўскі” для захавання нашчадкам памятных купалаўскіх мясцін…

Крыху збочыўшы з Віленскага тракту на поўнач ад Маладзечна, трапляем у яшчэ адзін цікавы куточак Нашай Бацькаўшчыны, звязаны з Янкам Купалам. Гэта вёска Яхімоўшчына – месца, дзе пачалося ўзыходжанне будучага нацыянальнага паэта. Тут расцвіў і ўзмацнеў яго талент, тут адбылося і яго грамадскае сталенне. У Яхімоўшчыне былі напісаны лепшыя вершы Янкі Купалы: “А хто там ідзе?”, “Ворагам Беларушчыны”, “З песень нядолі”, “Дайце мне волю”, “Не тужы”, “Што ты спіш?”, “Гэта крык, што жыве Беларусь” і інш.

yahimoushchina

Яхімоўшчына

Імем Янкі Купалы ў краіне названы шматлікія вуліцы, навучальныя і навуковыя установы і інш. У нашым горадзе імя славутага земляка-песняра носіць сярэдняя школа №1, якая знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы.