Виртуальная выставка книг

“І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы”

Дык жа знайце, чаго б я хацеў,

Аб чым думачкі толькі мае,

Каб мой люд, маю песню запеў

І пазнаў, аб чым песня пяе!

Я. Купала “Чаго б я хацеў”

Янка Купала… Для кожнага жыхара нашае сінявокае Беларусі гэтае імя гучыць неяк па-асабліваму, надзвычай меладычна, песціць слых і абуджае успаміны-летуценні.

kupala

Успаміны гэтыя няўлоўныя, лёгкія, як сон на світанні, як апошняя зорка-знічка ў ранішнім небе. Як буслаў клёкат на старой разгалістай ліпе, што стаіць пасярэдзіне жытнёвага поля. Як булькатанне сцюдзёнай крыніцы ў зацені дрэў. Як белае покрыва туману на пагорках і ўзлесках.

Янка Купала… Гэта папараць-кветка, што ўзрасла на нашай зямлі, што заззяла незвычайным бляскам, шчодра адорваючы занядбаны край цеплынёю, святлом, любоўю і пяшчотаю.

У народзе кажуць: раз на год, у ноч на Івана Купалу, расцвітае ў гушчары незвычайная, чарадзейная папараць-кветка. Хто знойдзе яе, заўсёды будзе шчаслівы. Кветка гэтая ўзышла, яе промні асвятлілі беларускую душу. Гэта Янка Купала.